МУЗЕІ, ПОМНІКІ
Калі вы хочаце сустрэцца з паэтычнай творчасцю Адама Міцкевіча і адчуць атмасферу старасвецкага шляхецкага фальварка, наведайце Музей-сядзібу Міцкевічаў у Завоссі! Адкрыццё музея-сядзібы Адама Міцкевіча "Завоссе" прымеркавалі да 200-годдзя з дня нараджэння паэта. Фальварак, дзе ён нарадзіўся, разбурылі яшчэ пры жыцці Міцкевіча. Аб гэтым ён з горыччу пісаў у сваіх вершах. З таго часу засталіся толькі малюнкі хутара, сябра Міцкевіча Напалеона Орды і выкладчыка Навагрудскай гімназіі Эдуарда Паўловіча. Апошні апісаў у 1883 годзе ландшафт Завосся, і гэта апісанне дакладна супадае з вершаваным партрэтам наваколля Завосся ў баладзе "Тукай", згаданай намі ў самым пачатку гэтых заметак. |
Малюнак Н. Орды.1876 г. На літаграфіі анатацыя: «Малюнак з натуры Напалеона Орды. Калісьці ўласнасць дзядзькі Адама Міцкевіча - Адама, тут нарадзіўся года 1798 снежня 24 у час, калі яго бацька Мікалай кіраваў гаспадаркай свайго брата». |
Зрэшты, спрэчкі аб месцы яго нараджэння не сціхаюць дагэтуль. Як іранічна заўважаў у ХІХ стагоддзі паэт і знаўца айчыннай гісторыі Вінцэсь Каратынскі, "сем элінскіх гарадоў спрачаліся паміж сабой за права лічыцца месцам нараджэння Гамера, хоць ён пры жыцці ні ў адным з іх не меў прытулку. Нешта падобнае адбылося з нашым Міцкевічам. Так дзякуй богу, што ў нас ёсць калі не сем, то тры месцы нараджэння адной асобы, хаця з часам, будзем спадзявацца, дабяром і да сямі".
Двор музея-сядзібы |
Вось што мае на ўвазе празваны "барадатым ліцвінам" Каратынскі, кажучы аб "трох месцах нараджэння адной асобы". Пры жыцці Адама Міцкевіча месцам яго нараджэння ўсе безапеляцыйна лічылі Навагрудак. Але ў некралогах, што з'явіліся пасля яго смерці, такім месцам было названа Завоссе. Сябар і настаўнік Каратынскага - Уладзіслаў Сыракомля лічыў, што Міцкевіч нарадзіўся ў фальварку Асавец (Восава). Гэту ж версію, пазней поўнасцю адхіленую, падтрымаў патрыярх беларусазнаўства Адам Кіркор. Паводле сцвярджэння старэйшага брата Міцкевіча - Францішка, Адам з'явіўся на свет у прыдарожнай карчме "Выгада", недалёка ад Завосся. А малодшы брат Адама - Аляксандр - і сын паэта Уладзіслаў аднадушна ўказвалі на Завоссе. Даследчыкі, супаставіўшы многія факты, месцам нараджэння вялікага паэта ў выніку назвалі Завоссе, хоць дакументамі гэта не пацверджана дагэтуль.
Інтэр'ер музея-сядзібы |
|
Думаючы-гадаючы, дзе ж стаяў дом, які даў свету вялікага генія, археолагі нямала пакапаліся ў тутэйшым "стэпе". Марна работа не прайшла. Пасля даследаванняў у тоўстых архіўных кнігах ды глыбокіх земляных канавах удалося знайсці фундамент дома Міцкевіча, аднавіць яго ранейшы выгляд, знайсці рэшткі хатніх рэчаў. Кафля, посуд дапамаглі ўзнавіць тыповую сядзібу сярэдняй рукі шляхціца таго часу. Вакол Завосся такіх сядзіб і цяпер налічваецца каля трох дзясяткаў, але ім не было наканавана праславіцца так, як гэтай. Больш за чатыры гады мастакі-рэстаўратары карпатліва аднаўлялі фальварак. І цяпер Завоссе выглядае як і ў пачатку XIX стагоддзя. Хіба што зніклі дрымучыя лясы і цяністыя гаі, якія некалі былі вакол хутара. Цяпер тут распасцерліся калгасныя палі. Комплекс працуе з 1998 года. Ён размешчаны на тым самым месцы, дзе некалі знаходзілася сядзіба, што належала сям'і Міцкевічаў, і ў якой 24 снежня 1798 года з'явіўся на свет будучы вялікі паэт-рамантык. Музейны комплекс паўтарае планіроўку традыцыйнага шляхецкага фальварка канца XVIII - пачатку XIX ст. У цэнтры знаходзіцца дом, насупраць яго – свіран (свіронак), побач – хлеў і гумно. Ёсць таксама калодзеж-журавель, склеп і лазня на беразе невялікай сажалкі. | |
На жаль, не захавалася ніякіх дакументаў, якія апісваюць унутранае ўбранне сядзібы. Ды і рэчаў, што належалі паэту, практычна не засталося. Таму вырашылі проста зрабіць сядзібу дробнапамеснага шляхціца пачатку XIX стагоддзя. За аснову ўзялі апісанне радавога гнязда пана Тадэвуша – вядомага героя паэмы Адама Міцкевіча. А экспазіцыю так і назвалі: "Вяртанне пана Тадэвуша". Экспанаты збіралі па ўсёй Беларусі, некаторыя прывезены з Польшчы. Работнікам музея ўдалося аднавіць непаўторны каларыт таго часу. У пярэднім пакоі вісяць паляўнічая стрэльба і трафеі гаспадара: вялізная галава дзіка і скура мацёрага воўка... Сталовая з масіўнымі буфетамі і скрыжаванымі шпагамі на сцяне – знак дваранскай годнасці. Прыгожая гасціная, строгі кабінет і кухня з вялікай печчу... У залах дома сядзібы разгорнута літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Вяртанне пана Тадэвуша». Яна знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй фальварка ў Завоссі; дэманструе адноўленыя інтэр'еры шляхецкага дома; і, дзякуючы паэтычнаму слову неўміручага твора Адама Міцкевіча - «Пана Тадэвуша», малюе вобразы жыхароў старой сядзібы. |
Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе”
Адрас: 225315, Рэспубліка Беларусь, в. Завоссе, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць.
Тэл.: (+1634) 3 25 10
Час работы музея: з 10.00 да 17.00.
Выхадны - панядзелак і аўторак.
Карта-схема
Баранавіцкага раёна
Літаратурна-этнаграфічны музей пры Раённым цэнтры рамёстваў (в. Русіно, Баранавіцкі р-н) — гэта ўнікальнае культурна-адукацыйнае асяроддзе, дзе чалавек вучыцца быць чалавекам. Гэта храм гісторыі, які ўзведзены рукамі людзей апантаных, творчых і неабыякавых да мінулага нашага краю і яго будучыні. Экспазіцыя літаратурна-гістарычнай залы адрозніваецца сваёй адметнасцю і шматграннасцю. Перад вачыма наведвальнікаў паўстаюць старонкі з гісторыі Беларусі і, непасрэдна, Баранавіцкага раёна ад часоў першанасельнікаў да нашых дзён. |
||
|
Да вашай увагі: унікальная археалагічная калекцыя часоў каменнага веку; кампазіцыя “Гарадзішча з селішчам” (V ст. н.э.); кампазіцыя “Паганскае капішча”. Вялікая частка экспазіцыі літаратурна-гістарычнай залы распавядае пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага і такую знакавую гістарычную асобу, як Міндоўг. Значны ўплыў на гісторыю нашых земляў зрабіў Ян Караль Хадкевіч – прадстаўнік магутнага ў ВКЛ магнацкага роду – Хадкевічаў. Нельга пакінуць без увагі і такі сусветна вядомы род, якРадзівілы. Асобна трэба адзначыць геолага і даследчыка Чылі – Ігната Дамеку, які праславіў Беларусь на далёкіх землях Пд. Амерыкі. Літаратурная частка экспазіцыі залы знаёміць нас з нашымі знакамітымі землякамі як: паэт і перакладчык Андрэй Рымша; паэт, публіцыст і грамадскі дзеяч Адам Міцкевіч; паэт, фалькларыст і этнограф Ян Чачот і інш. |
|
Зала дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – гэта люстэрка таленту. Тут прадстаўлены творы дзяцей і іх настаўнікаў, мастакоў і проста таленавітых людзей нашага раёна і не толькі.
Калекцыя карцін пад назвай “Страчаная спадчына” – гэта сумная паштоўка з мінулага нам і нашым нашчадкам.
Ветраны млын (помнік архітэктуры XIX стагоддзя), калодзезны журавель, дзеючая кузня ў спалучэнні з маляўнічай прыродай – гэта тое, што не павінна абмінуць вашы вочы.
Інфармацыя для наведвальнікаў
Да музея вы можаце дабрацца на прыгарадным аўтобусе Баранавічы-Ляхавічы (праз Вялікія Лукі) адпраўленнем у 8.20 і 13.35 ад аўтавакзала.
Маршрутным таксі адпраўленнем у пачатку кожнай гадзіны ад плошчы Леніна.
На дзізель-цягніку напрамкам Лунінец, Слуцк.
Музей працуе:
панядзелак – пятніца з 8 да 17 гадзін.
Абед з 13 да 14 гадзін.
Тэлефон для даведак і папярэдняга запісу – 44-82-31
Помнікі прыроды мясцовага значэння
Парк «Ястрамбельскі»
Батанічны помнік прыроды мясцовага значэння парк «Ястрамбельскі» размешчаны ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці на месцы сядзібна-паркавага ансамбля «Ястрамбельскі» (другая палавіна XIX – пачатак XX ст.).
Сядзіба ўяўляе сабой гісторыка-культурную каштоўнасць, адлюстроўваючы архітэктурныя рысы часу эклектыкі і звязана з жыццём і дзейнасцю гістарычнага роду Катлубаяў.
У межах парку налічваецца 143 віды раслін, з якіх 32 віды дрэў і 9 відаў кустоўя. Сярод раслін выяўлены экзатычныя для нашых кліматычных умоў сосны Веймутава, елкі калючыя, туі заходнія (усе – радзіма Паўночная Амерыка), лістоўніцы еўрапейскай і польскай (горы Сярэдняй Еўропы), кіпарысавік гарохаплодны (Японія), таполя Сімона (Азія) і інш.
Рэжым аховы і выкарыстання помніка прыроды: паркі, забараняецца:
незаконнае знішчэнне, у тым ліку высечка, або пашкоджванне дрэў і іншай драўнінна-хмызняковай расліннасці, змяненне яе відавога складу;
узвядзенне пабудоў, пракладка новых дарог, правядзенне работ, звязаных з парушэннем зямель, змяненнем гідралагічнага рэжыму тэрыторыі;
прагон і выпас жывёлы, распальванне вогнішча, праезд, стаянка і мыццё аўтамабіляў, матацыклаў і іншых аўтатранспартных сродкаў, устаноўка палатак, правядзенне масавых мерапрыемстваў па-за ўстаноўленымі для гэтага месцамі, забруджванне і засмечванне тэрыторыі або нанясенне якой-небудзь іншай шкоды прыроднаму стану.
Размяшчэнне месцаў і ўстаноў адпачынку, узвядзенне будынкаў і збудаванняў, ліній электраперадачы, дарог, пракладка трубаправодаў і іншых інжынерных камунікацый на тэрыторыі помніка прыроды ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Баранавіцкай гарадской і раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Пейзажны парк «Верхня-Чэрніхаўскі»
Помнік прыроды мясцовага значэння пейзажны «Верхня-Чэрніхаўскі» размешчаны ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці на месцы былой сядзібы Верхняе Чэрніхава, звязанай з жыццём і дзейнасцю гістарычнага роду Рдултоўскіх (другая палавіна XIX – пачатак XX ст.).
Ахоўная тэрыторыя ўяўляе сабой захаваны фрагмент пейзажнага парку (6,5 га). У межах парку налічваецца 180 відаў раслін, з якіх 24 віды дрэў і 24 віды кустоўя. Сярод раслін выяўлены лістоўніца еўрапейская і польская (горы Сярэдняй Еўропы), сосны Веймутава, ліпы амерыканскія, ясень пенсільванскі (усе - радзіма Паўн. Амерыка), яблыня ягадная (Кітай). Сярод кустоўя сустракаюцца снежнаягаднік белы, парэчкі альпійскія, сліва растапыраная і інш. Для афармлення клумб уладальнікі маёнткаў выкарыстоўвалі захаваныя шматгадовыя расліны – бялюк рыжы, кацямятка каціная, фіялка пахучая і інш.
У парку заўважаны рэдкі від адвентыўных раслін – бальзамін драбнакветны, а таксама адзіны экзэмпляр у Баранавіцкім раёне віду грыбоў – порхаўка гіганцкая.
Пейзажны парк «Вольнаўскі»
Помнік прыроды мясцовага значэння пейзажны парк «Вольнаўскі» размешчаны ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці на месцы былой сядзібы Вольна, звязанай з жыццём і дзейнасцю гістарычнага роду Слізеняў (XIX – пачатак XX ст.).
Ахоўная тэрыторыя ўяўляе сабой фрагменты пейзажнага натуралістычнага парку (6,7 га). У межах парку налічваецца 153 віды раслін, з якіх 24 віды дрэў і 19 відаў кустоўя. Сярод раслін выяўлены лістоўніцы польскія (горы Сярэдняй Еўропы), лістоўніцы сібірскія (Зах. і Усх. Сібір). Сярод мясцовых кустовых парод у паркавых пасадках былі скарыстаны брызгліна бародаўчатая, чаромха звычайная, вярба ломкая і інш. Для афармлення клумб уладальнікі маёнткаў выкарыстоўвалі шматгадовыя расліны – ворлік звычайны, шток-ружа ружовая, фіялка пахучая, тладыянта няпэўная і інш.
Апошні від у сваім прыродным асяродку – Далёкім Усходзе, знаходзіцца пад аховай, раней від быў уключаны ў Чырвоную кнігу СССР.
Пейзажны парк «Туганавіцкі»
Помнік прыроды мясцовага значэння пейзажны парк «Туганавіцкі» размешчаны ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці на месцы былой сядзібы, звязанай з жыццём і дзейнасцю гістарычных родаў Туганоўскіх і Верашчакаў, А.Міцкевіча (XIX – пачатак XX ст.).
Парк (амаль 12 га) уяўляе сабой класічны ўзор пейзажнай паркавай архітэктуры перыяду рамантызму – вядомы ўсяму свету дзякуючы паэту Адаму Міцкевічу, які каля двухсот гадоў таму быў у гасцях у гаспадара маёнтка і меў палымяныя пачуцці да яго дачкі Марылі.
Парк захаваўся ў першапачатковых межах, але прыкметна відазменены. Яго дрэвастой, пераважна ліпавы, моцна пацярпеў у гады першай сусветнай вайны. З часу Міцкевіча захаваліся дубы-блізняты. Больш маладыя адзінкавыя дрэвы, што растуць у парку, – дуб, ліпа, клён, граб.
Помнік прыроды мясцовага значэння
пейзажны парк «Крошынскі»
Помнік прыроды мясцовага значэння пейзажны парк «Крошынскі» размешчаны ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці на месцы былой сядзібы, звязанай з жыццём і дзейнасцю гістарычнага роду Святаполк-Завадскіх.
Ахоўная тэрыторыя ўяўляе сабой невялікі парк, перапланаваны ў 1905-1907 гг. у духу пейзажных эклектычных залажэнняў (5,5 га). Паўночную частку парку займае векавы драўняны масіў – ільмоўнік ліпава-клянова-разнатраўны.
Крыніца «Тартакі»
Гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння размешчаны за 2 км на поўдзень ад в. Тартакі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Крыніца «Тартакі» – унікальны водны і геалагічны аб'ект, крыніца сілкавання р. Лахазва. Гэта адна з нямногіх крыніц вобласці, якая добра захавалася ў прыродным стане, мае высокую якасць вады і мінералізацыю 122 мг/л. Павышаная колькасць іонаў медзі, паводле слоў мясцовых жыхароў, забяспечвае амаладжальны эфект гэтай вады.
Крыніца «Ясянец»
Гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння размешчаны каля в. Ясянец Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, уздоўж левага берага р. Сэрвач. Крыніца ўяўляе сабой выхад на паверхню падземных вод у выглядзе 5 невялікіх крыніц у межах невялікага азярца памерам 2,6х3,3 м. Вада бескаляровая, мяккая, мае спецыфічны пах серавадароду. Якасць вады з крыніцы высокая. У саставе вады адзначана павышаная колькасць медзі. Даныя хімічнага аналізу паказваюць на павышаную колькасць жалеза.
Рэжым аховы і выкарыстання помніка прыроды: паркі, забараняецца:
правядзенне работ, звязаных са змяненнем гідралагічнага рэжыму тэрыторыі, штучнае змяненне ручва вадацёку, разбурэнне берагоў, знішчэнне берагаахоўнай расліннасці;
здабыча карысных выкапняў, узворванне зямлі, правядзенне работ, якія садзейнічаюць развіццю эрозіі глебы, абвалам або іншым парушэнням прыроднага стану грунту, узрыўныя работы, распальванне вогнішча, стаянка аўтамабіляў, устаноўка палатак, правядзенне масавых мерапрыемстваў па-за ўстаноўленымі для гэтага месцамі, забруджванне і засмечванне тэрыторыі.
Размяшчэнне месцаў і ўстаноў адпачынку, узвядзенне будынкаў і збудаванняў, ліній электраперадачы, дарог, пракладка трубаправодаў і іншых інжынерных камунікацый на тэрыторыі помніка прыроды ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Баранавіцкай гарадской і раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Помнік прыроды рэспубліканскага значэння
«Камень Філарэтаў»
Помнік прыроды знаходзіцца ва ўрочышчы Кут в. Грачыхі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
У навакольнай мясцовасці гэты камень называюць «камень філарэтаў». У гады вучобы ў Віленскім універсітэце (1817-1823 гг.) А.Міцкевіч, Т.Зан, Я.Чачот, І.Дамейка і іншыя іх сябры і аднадумцы – ураджэнцы Навагрудчыны – уваходзілі ў тайныя таварыствы філарэтаў і філаматаў, якія прапаведавалі ідэі асветы. Бываючы на радзіме, яны збіралі каля валуна свае сходы. Камень ляжаў убаку ад людзей, у лесе, на схіле яра. Тут можна было весяліцца, смела гаварыць пра ўсё, што хвалюе. Магчыма, менавіта тут А.Міцкевіч упершыню прачытаў сваю «Песню філарэтаў». Лічыцца, што менавіта гэта месца апісана ў паэме «Пан Тадэвуш» пад назвай «Святыня Задумы».
Рэжым аховы і выкарыстання помніка прыроды, забараняецца:
скіданне і перамяшчэнне валуна, нанясенне на яго драпін, выбоін, надпісаў;
здабыча карысных выкапняў, узворванне зямлі, правядзенне работ, што садзейнічаюць развіццю эрозіі глебы, размыванню, абвалам або іншым парушэнням прыроднага стану грунту, узрыўныя работы, забруджванне і засмечванне тэрыторыі.
Помнік прыроды рэспубліканскага значэння
насаджэнні лістоўніцы еўрапейскай «Моўчадскае»
За 3 км на паўночны ўсход ад в. Моўчадзь знаходзяцца пасадкі лістоўніцы еўрапейскай, распаўсюджанай у хвойных змешаных лясах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. У межах прыроднага арэала лістоўніца еўрапейская насяляе галоўным чынам горныя мясціны ў Альпах і Карпатах, размяшчаючыся ў асноўным на вышыні паміж 1 000 і 2 500 м над узроўнем мора. Не церпіць забалочвання, вельмі святлолюбівая. Гэтыя дрэвы вызначаюцца даўгавечнасцю, дажываюць да 500 і больш гадоў. Асобныя экзэмпляры дасягаюць вышыні 50 метраў (моўчадскія – 34 м) пры дыяметры ствала 80-100 см (45 см).
Помнік прыроды рэспубліканскага значэння
дубы-блізняты «Туганавіцкія»
Помнік прыроды рэспубліканскага значэння (з 1963 года) размешчаны на адлегласці 0,5 кіламетра ад ускраіны вёскі Карчова Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў старажытным парку «Туганавічы».