Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў расказаў журналістам, якіх тэрмінаў і кантрольных лічбаў прыёму ў ВНУ Беларусі чакаць у гэтым годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўнік Мінадукацыі праінфармаваў, што праекты кантрольных лічбаў прыёму цяпер разглядаюцца ў ведамстве сумесна з установамі адукацыі і іх заснавальнікамі. "Папярэдні аналіз дазваляе зрабіць выснову, што яны застануцца ў нас на ўзроўні мінулага года. Фарміраванне пераліку спецыяльнасцей, на якія будзе ажыццяўляцца прыём, кожны год грунтуецца на заказе прадпрыемстваў і перспектыўнай патрэбнасці ў кадрах па тых ці іншых спецыяльнасцях. Новыя спецыяльнасці ў нас ёсць. На ўзроўні вышэйшай адукацыі іх будзе дзевяць. Новыя спецыяльнасці будуць і пры паступленні ў каледжы", - расказаў Сяргей Пішчоў.
Паводле яго слоў, не будзе сур'ёзных змяненняў і ў тэрмінах прыёму. "Яны таксама цяпер узгадняюцца з зацікаўленымі. Яны будуць вядомы ў бліжэйшы час, але з улікам прыёмнай каміпаніі мінулага года лічым, што тэрміны ў нас захаваюцца. Асноўны прыём абітурыентаў пройдзе ў ліпені. Прыём мэтавікоў гэтак жа будзе вынесены за рамкі асноўнага прыёму. Мы ў першую чаргу правядзём уступную кампанію для хлопцаў і дзяўчат, якія заключылі дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы. Месцы, якія застануцца не запоўненымі мэтавікамі, будуць перададзены на агульны конкурс", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.
Сяргей Пішчоў падкрэсліў, што ў любым выпадку маладыя людзі павінны рабіць свядомы выбар таго ці іншага напрамку, сваёй будучай прафесіі.-0-