У Беларусі актыўна працуюць над тым, каб прапагандаваць і ўкараняць здаровы лад жыцця. Аб гэтым у Баранавічах заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на выязным пасяджэнні пастаяннага Міжведамаснага савета па фарміраванні здаровага ладу жыцця, кантролі за інфекцыйнымі захворваннямі, папярэджанні і прафілактыцы п'янства, алкагалізму, наркаманіі і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў пры Савеце Міністраў,
паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Вельмі актыўна працуем над тым, каб прапагандаваць і ўкараняць здаровы лад жыцця. Адным з ключавых элементаў з'яўляецца рэалізацыя дзяржаўнага праекта "Здаровыя гарады і пасёлкі". Сёння ў Брэсцкай вобласці завяршаем цыкл правядзення выязных мерапрыемстваў міжведамаснага савета пры ўрадзе па здаровым ладзе жыцця. Наведалі Баранавічы і Баранавіцкі раён, убачылі лепшыя практыкі", - расказаў Ігар Петрышэнка.
Паводле яго слоў, да праекта ўжо далучыліся амаль чатыры сотні гарадоў і пасёлкаў. Віцэ-прэм'ер звярнуў увагу, што даволі пазітыўна сітуацыя развіваецца ў Брэсцкай вобласці. У паўднёва-заходнім рэгіёне ў праграме ўдзельнічаюць 87 населеных пунктаў, якія ахопліваюць 75 працэнтаў насельніцтва вобласці. "Гэта важны паказчык. Трэба, каб мы яго распаўсюджвалі, далучалі ўсё наша насельніцтва, каб яны займаліся фізічнай культурай і спортам, вялі здаровы лад жыцця, адмаўляліся ад шкодных звычак", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.
Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі створана добрая інфраструктура для заняткаў фізкультурай і спортам. Рэгулярна яна папаўняецца новымі аб'ектамі. Таксама штогод праводзяцца тысячы спартыўных мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаюць усе катэгорыі насельніцтва. Намеснік прэм'ер-міністра агучыў, што ў краіне больш як 27 працэнтаў жыхароў рэгулярна займаюцца фізічнай культурай і спортам. Прымаюцца намаганні, каб колькасць прыхільнікаў ЗЛЖ павялічвалася.
Асабліва віцэ-прэм'ер вылучыў пажылых людзей. Яны імкнуцца да актыўнага даўгалецця, дбаюць пра сваё здароўе і падаюць прыклад іншым. Такімі сябе паказваюць і прадстаўнікі сярэбранага ўзросту ў гарадскім пасёлку Гарадзішча. "Наглядна ўбачылі, з якім запалам, натхненнем яны займаюцца, малююць, спяваюць, танцуюць, ставяць пастаноўкі. Культурны складнік вельмі актыўна пашыраюць, перадаюць моладзі. Краіна багата культурай, традыцыямі, абрадамі. Гэта трэба перадаць у надзейныя рукі нашай моладзі", - упэўнены Ігар Петрышэнка. Удзельнікі пасяджэння наведалі Гарадзішча, што з'яўляецца ўдзельнікам праекта "Здаровы горад", дзе азнаёміліся з работай па стварэнні здароўезберагальнага асяроддзя для школьнікаў і ў цэлым па папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод вяскоўцаў.
Намеснік прэм'ер-міністра вылучыў яшчэ адзін аспект - усе школы павінны быць тэрыторыямі здароўя. Установы адукацыі аснашчаны інвентаром для заняткаў рознымі відамі спорту як у памяшканнях, так і на свежым паветры ў любую пару года. Асаблівая ўвага ўдзяляецца здароваму харчаванню школьнікаў. У гэтай справе важную ролю адыгрываюць бацькі, якія падаюць дзецям прыклад здаровага ладу жыцця.
Ігар Петрышэнка закрануў таксама пытанні аховы здароўя. У прыватнасці, заканадаўства прадугледжвае стымулюючыя моманты для праходжання дыспансерызацыі. Дзяржава бярэ на сябе абавязацельствы па аснашчэнні абсталяваннем устаноў аховы здароўя. "Умовы ўсе неабходныя створаны. Важна, каб была сумесная работа. Урач павінен дапамагаць, чалавек павінен клапаціцца. Калі ёсць нейкія адхіленні, ён павінен, адпаведна, папраўляць здароўе, выконваючы дакладныя рэкамендацыі ўрачоў", - лічыць віцэ-прэм'ер.
Удзельнікі пасяджэння пабывалі таксама на баранавіцкім ААТ "Гандальмаш", дзе вывучылі вынікі работы па паляпшэнні ўмоў працы. Так, на прадпрыемстве прадугледжаны дадатковы спектр стымулюючых паслуг і даплат, каб работнікі клапаціліся пра сваё здароўе.-0-