Героі Сацыялістычнай Працы
Самаадданая работа 15 працаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна была высока ацэнена дзяржавай вышэйшай узнагародай – званнем Героя Сацыялістычнай працы.
Бабко Аляксандр Мітрафанавіч. Нарадзіўся 12 лютага 1932 г. у в. Дуброўна Баранавіцкага раёна. З 1956 г. - брыгадзір паляводчай брыгады калгаса «Перамога» Баранавіцкага раёна. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 13 снежня 1972 г. за вялікія поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і праяўленую працоўную доблесць на ўборцы ўраджаю. Памёр 9 красавіка 2021 г. Пахаваны на могілках у аг. Крошын.
Вільчкоўскі Багуслаў Багданавіч. Нарадзіўся 17 сакавіка 1928 г. у в. Пагулянка (цяпер в. Соргавічы) Баранавіцкага раёна. Удзельнік партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (сувязны і разведчык партызанскага атрада імя Катоўскага брыгады «25 год БССР»). У 1959-1964 гг. старшыня калгаса «Іскра» Баранавіцкага раёна. Загінуў 27 лістапада 1964 г. пры выкананні службовых абавязкаў. Пахаваны ў в. Соргавічы. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 22 сакавіка 1966 г. (пасмяротна) за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнне вытворчасці і нарыхтоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1963 г. Яго імем называўся калгас у в. Малая Сваротва, вуліца ў г. Баранавічы. У в. Малая Сваротва ўстаноўлены помнік. На магіле ў 1967 г. устаноўлена стэла.
Вяленка Мікалай Лявонавіч. Нарадзіўся 6 мая 1898 г. у в. Залессе Баранавіцкага раёна. З 1939 г. рабочы. У 1944-1946 гг. брыгадзір паляводчай брыгады саўгаса «Вольна – Чэрніхава». Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1949 г. за атрыманне высокага ўраджаю насення канюшыны. Памёр 21 студзеня 1975 г. Пахаваны на могілках в. Вольна. У 1976 г. на магіле ўстаноўлена стэла.
Гарбацэвіч Праскоўя Данілаўна. Нарадзілася 10 сакавіка 1919 г. у в. Кальчыцы Слуцкага раёна Мінскай вобл. Удзельніца партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (начальнік санітарнай службы ў партызанскім атрадзе імя Ракасоўскага брыгады імя Фрунзэ на Міншчыне). У 1945 г. скончыла Мінскі медыцынскі інстытут. З 1947 г. галоўны ўрач Навамышскай бальніцы Баранавіцкага раёна. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 4 лютага 1969 г. за заслугі ў галіне аховы здароўя. Памерла ў 1999 годзе.
Гецман Анісся Фамінічна. Нарадзілася 10 жніўня 1915 г. у в. Краснагоркі Нясвіжскага раёна Мінскай вобл. Удзельніца партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (сувязная партызанскага атрада імя Воранава брыгады імя Жукава). У 1947-1966 гг. звеннявая льнаводчага звяна калгаса імя Варашылава Стаўбцоўскага раёна. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 20 жніўня 1950 г. за атрыманне высокага ўраджаю льнасемя і льновалакна.
Даменікан Мікалай Уладзіміравіч. Нарадзіўся 1 сакавіка 1932 г. у в. Грускова Нясвіжскага раёна Мінскай вобл. Скончыў Ленінградскі ветэрынарны інстытут (1955) і Мінскую завочную вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС (1971). У 1961-1964 гг. дырэктар эксперыментальнай базы «Вольна-Чэрніхава». З 1964 г. намеснік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення вытворчасці і нарыхтоўкі сельскагаспадарчых прадуктаў, потым першы намеснік начальніка гэтага ўпраўлення. З 1973 г. першы сакратар Баранавіцкага райкама КПБ, старшыня Баранавіцкага райкама Савета народных дэпутатаў. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 5 снежня 1985 г. за поспехі ў павелічэнні прадукцыі жывёлагадоўлі, датэрміновае выкананне плана 11-й пяцігодкі. Памёр у лютым 2012 года.
Дудук Аляксандр Мікалаевіч. Нарадзіўся 27 студзеня 1929 г. у в. Нарэшавічы Клецкага раёна Мінскай вобл. Удзельнік партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сувязны спецатрада «Авангард», які размяшчаўся на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці (з верасня 1943 г. па ліпень 1944 г.). З 1944-1945 гг. сакратар Чырвонаслабодскага сельсавета Клецкага раёна Баранавіцкай вобл. У 1967-1972 гг. дырэктар саўгаса "Чырвоны сцяг". З мая 1973 г. дырэктар саўгаса-камбіната «Mір». Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. Званне Героя Сыцыялістычнай Працы прысвоена 7 ліпеня 1986 г. Памёр у чэрвені 2009 года.
Калола Праскоўя Лазараўна. Нарадзілася 20 сакавіка 1895 г. у в. Падкасоўе Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. У 1949-1953 гг. звеннявая льнаводчага звяна, з 1953-1958 гг. намеснік старшыні калгаса імя Леніна Навагрудскага раёна. З 1958-1960 гг. звеннявая льнаводчага звяна там жа. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1949 г. за атрыманне высокага ўраджаю лёну. Памерла 23 жніўня 1976 г. Пахавана ў г. Баранавічы (могілкі па вул. Загародняй).
Карповіч (Сухарэбская) Ганна Іванаўна. Нарадзілася 1 студзеня 1938 г. у в. Быткаўшчына Баранавіцкага раёна. З 1955 г. палявод калгаса «Бальшавік», з 1961 г. птушніца Гарадзішчанскай птушкафабрыкі, з 1975 г. птушніца Баранавіцкага вытворчага аб'яднання па птушкагадоўлі. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 22 сакавіка 1966 г. за поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак прадукцыі птушкагадоўлі.
Качарга Васіль Міхайлавіч. Нарадзіўся 14 кастрычніка 1904 г. у в. Харашэвічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобл. З 1940 г. рабочы, у 1946-1968 гг. звеннявы па вырошчванні насення канюшыны эксперыментальнай базы "Вольна-Чэрніхава» Баранавіцкага раёна. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 30 красавіка 1949 г. за атрыманне высокага ўраджаю насення канюшыны. Памёр у студзені 1981 г. Пахаваны на могілках у в. Вольна. У 1987 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.
Кучур Лілія Сямёнаўна. Нарадзілася 7 верасня 1936 г. у в. Уласы Баранавіцкага раёна. З 1951 г. палявод, з 1965 г. звеннявая льнаводчага звяна калгаса «Перамога» Баранавіцкага раёна. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 12 снежня 1973 г. за поспехі ў павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве лёну. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1975–1980 гг.
Ліцкевіч Таццяна Ціханаўна. Нарадзілася 16 чэрвеня 1931 г. у в. Залессе Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. З 1952 г. цялятніца, у 1963-1985 гг. даярка фермы Залессе саўгаса «Вольна-Чэрніхава» (з 1961 г. эксперыментальная база «Вольна-Чэрніхава»).
Званне Героя Сацыялістычнай працы прысвоена 22 сакавіка 1966 г. за поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. У 1971-1975 гг. дэлегат XXIV з'езда КПСС. Узнагароджана двума ордэнамі Леніна.
Мацкоўскі Абрам Аронавіч. Нарадзіўся 20 ліпеня 1917 г. у г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1957 г. старшыня калгаса «Перамога» Баранавіцкага раёна. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 27 снежня 1976 г. за поспехі ў выкананні плана і сацыялістычных абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве сельскагаспадарчай прадукцыі. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (двойчы), Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга. Памёр 12 кастрычніка 1978 г. Пахаваны на могілках у в. Крошын. Яго імем названа вуліца ў пас. Жамчужны Баранавіцкага раёна. У 1980 г. на магіле ўстаноўлена стэла.
Пацукевіч Соф'я Несцераўна. Нарадзілася 8 жніўня 1926 г. у в. Міцкевічы
Баранавіцкага раёна. З 1950 г. палявод, з 1961 г. свінарка, загадчыца свінафермы калгаса «Зара камунізма» Баранавіцкага раёна. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 8 красавіка 1971 г. за поспехі ў выкананні плана па продажы дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1967-1971 гг.
Светлік Мікалай Людвігавіч. Нарадзіўся 8 жніўня 1904 г. у в. Паланечка Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. З 1939 г. палявод саўгаса «Вольна-Чэрніхава» Баранавіцкага раёна. Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1949 г. за атрыманне высокіх ураджаяў насення канюшыны. Памёр 7 лютага 1987 г. Пахаваны на могілках у в. Вольна. У 1988 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.