Навукова-краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя жыццю і творчасці Адама Міцкевіча, пройдуць 22 ліпеня у Баранавіцкім раёне на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота (в. Новая Мыш).
Чытанні адбудуцца ўжо ў трэці раз. Першыя былі прысвечаны творчай спадчыне Яна Чачота, другія прайшлі пад назвай «Неўміручая спадчына – Купала і Колас». Сёлета чытанні прымеркаваны да 225-годдзя з дня нараджэння А. Міцкевіча (юбілейная дата адзначаецца ў снежні).
У чытаннях возьмуць удзел супрацоўнікі дома-музея Адама Міцкевіча (г. Навагрудак), музея-сядзібы Міцкевічаў «Завоссе», Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, а таксама калумніст газеты «Культура» Зміцер Юркевіч і іншыя госці з Мінска.
Таксама падчас мерапрыемства выступяць дзеці-чытачы з розных куткоў раёна з аўтарскімі творамі, прысвечанымі спадчыне Адама Міцкевіча.
На свята запрашаюцца ўсе аматары і прыхільнікі творчага шляху паэта. Уваход вольны.