Лета – гэта добрая падстава не толькі адпачыць, але і плённа папрацаваць на ніве любімай справы. Так ужо трэці год мяркуюць супрацоўнікі Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, на базе якой праходзяць Навамышскія навукова-краязнаўчыя чытанні.
Адразу хацелася б адзначыць, што традыцыя іх правядзення зарадзілася ў 2021 годзе, калі ўсе прыхільнікі беларускай літаратуры і ўвогуле культуры адзначалі 225 год з дня нараджэння Яна Чачота. Другія чытанні прайшлі праз год і былі прысвечаны юбілею адразу двух волатаў беларускай пісьменнасці – Янк і Купалы і Якуба Коласа.
Сёння ж, напярэдадні 225-годдзя з дня нараджэння яшчэ аднаго нашага знакамітага земляка – Адама Міцкевіча, цэнтральная раённая бібліятэка прымала гасцей, якія не па чутках ведаюць усё пра жыццё і творчасць юбіляра. Перад прысутнымі выступілі:
– Зміцер Юркевіч – калумніст газеты «Культура» з дакладам «Радавод Адама Міцкевіча. Неразгаданныя таямніцы»;– Гендзік Ганна Васільеўна – навуковы супрацоўнік Дома-музея Адама Міцкевіча у Навагрудку з дакладам «Паэма «Конрад Валянрод». 195-годдзе з часу выдання»;– Алена Прохарава з дакладам «Песні філаматаў і філарэтаў». Дарэчы, Алена паказала цудоўны майстар-клас па танцах часоў Адама Міцкевіча.
Акрамя запрошаных гасцей са сваім дакладам на тэму «Ушанаванне літаратурнай спадчыны Адама Міцкевіча Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Яна Чачота» выступіла дырэктар раённай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Лайша.
Улічваючы, што імя Адама Міцкевіча як выдатнага майстра слоўнасці служыць вечным прыкладам пачынаючым паэтам, навуковыя даклады былі аздоблены выступамі чытачоў, якія прысвяцілі свае вершы знакамітаму творцы. Гучалі творы ў выкананні Сакалоўскай Анастасіі (Гірмантаўская СБ), Данілік Ульяны (Мірская СБ), Тукай Евы і Танюкевіч Святланы (Лаўрынавіцкая СБ).
Канешне ж, пасля падобных мерапрыемстваў заўжды хочацца пакiнуць што-небудзь на памяць. Госці ІІІ Навамышскіх навукова-краязнаўчых чытанняў прывезлі дадому не толькі добры настрой, але і падораныя кубкі з лагатыпам мерапрыемства і ўласнае выданне паэмы Міцкевіча «Дзяды». Напрыканцы сустрэчы госці і прысутныя наведалі музей-сядзібу «Завоссе».