11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Збожжавыя і зернебабовыя культуры ў Беларусі ўбраны з палавіны плошчаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. 52
"На раніцу 11 жніўня ў цэлым па краіне збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы, грэчкі і проса) убраны з 1092,7 тыс. га, што складае крыху больш за палавіну плошчаў (51 працэнт ад плана). Так, у Брэсцкай вобласці ўбрана 81,5 працэнта плошчаў (282,1 тыс. га), Віцебскай - 32,8 працэнта (118,7 тыс. га), Гомельскай - 58,7 працэнта (203,5 тыс. га), Гродзенскай - 43,1 працэнта (131,6 тыс. га), Мінскай - 49,1 працэнта (220,2 тыс. га), Магілёўскай - 41,1 працэнта (136,6 тыс. га)", - сказалі ў ведамстве.
У краіне намалочана 4112 тыс. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 37,6 ц/га. У мінулым годзе на аналагічны перыяд ураджайнасць збожжавых была ніжэйшая і складала 32 ц/га.
"Піваварны ячмень убралі з 27,8 тыс. га - гэта 50,9 працэнта ад плана, намалацілі 118 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 42,4 ц/га, а ў мінулым годзе на гэты перыяд было 33,7 ц/га. Акрамя таго, азімы рапс на зерне ўбралі з 280,3 тыс. га, што складае 91 працэнт да ўборачнай плошчы, намалацілі 740,6 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці 26,4 ц/га. Глеба пад сяўбу гэтай культуры падрыхтавана на 259,8 тыс. га, што складае 61,4 працэнта запланаваных плошчаў. Пасеялі азімы рапс на зерне на 20,1 тыс. га, або 4,74 працэнта ад плана", - падкрэслілі ў міністэрстве.
Лён выцераблены на 34,4 тыс. га, што складае 77,6 працэнта ўборачнай плошчы. Пераварочванне стужак лёну выканана на 12,5 тыс. га (36,5 працэнта да выцерабленага), ільнотраста паднята на 4,74 тыс. га (10,71 працэнта да ўборачнай плошчы).
Другі ўкос траў праведзены на 812,3 тыс. га (79,6 працэнта ад плана). Нарыхтавана 694,2 тыс. т сена (72,7 працэнта ад плана), 11 644,2 тыс. т сенажу (86,7 працэнта) і 321,8 тыс. т сіласу (1,69 працэнта).-0-